СЛУХАЦЬ І ЧУЦЬ. Індустрыйная платформа «Паўночнага ззяння-2020»
Ужо на гэтым тыдні 22 кастрычніка ў новым online-фармаце стартуе 6-ы кінафестываль «Паўночнае ззянне». У сёлетнюю праграму ўваходзяць не толькі міжнародныя і беларускія стужкі, але і 8 мерапрыемстваў індустрыйнай платформы, якія будуць даступныя да прагляду ў сацыяльных сетках фестывалю.
У індустрыйную платформу «Паўночнага ззяння-2020» уваходзяць івэнты рознага фармату: лекцыі, размовы і дыскусіі. Усе мерапрыемствы закранаюць пытанні разумення мастацтва, а таксама інтэрпрэтацыі яго ў кіно ці жывапісу; пытанні блізкасці беларускай культуры і беларусаў з суседзямі з Паўночнай Еўропы; гендарныя пытанні і праблемы ЛГБТК-людзей у посткамуністычных краінах.
22 кастрычніка ў 14:00 у дзень адкрыцця фестывалю адбудзецца лекцыя дацкай феміністкі і актывісткі Эммы Холтан «Girl power: прыклады жаночай салідарнасці ў свеце». У лекцыі будзе ісці гаворка пра тое, як жаночая ўзаемадапамога, салідарнасць і сіла духу ратуюць свет у пераломныя часы.
«Паўночнае ззянне каштоўнасцяў» – паблік-ток з пісьменніцай Анкай Упалай, які павінна была весці беларуская філосафка Вольга Шпарага 23 кастрычніка, аднак Вользе прысудзілі 15 сутак за ўдзел у «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», жаночай акцыі пратэсту 9 кастрычніка. Каманда «Паўночнага ззяння» выказвае сваю падрымку Вользе і яе сям’і і спадзяецца, што ў хуткім часе Вольга выйдзе на волю і далучыцца да паблік-току 29 кастрычніка ў 14:00.
26 кастрычніка аб 11-й гадзіне распачнецца лекцыя дырэктаркі Шведскага кінаінстытута Анны Сёрнер «Кіно па-шведску: культурная палітыка, якая працуе». Анна распавядзе пра тое, як праходзіць адбор і фінансуецца кіно ў Швецыі і як гэты досвед можна скарыстаць у Беларусі.
У гэты ж дзень пасля паказу стужкі «Фатограф і вайна» ў 20:00 пройдзе дыскусія «На краі» разам з рэжысёрам стужкі Борысам Б. Бертрамам, у якой прымуць удзел беларускія фатографы, якія працавалі ў гарачых кропках. Яны распавядуць пра выклікі, з якімі сутыкаецца фотарэпарцёр на вайне, і пра тое, ці можна бачыць прыгажосць нават падчас страшных падзеяў. Мадэраваць дыскусію будзе культуролаг Максім Жбанкоў.
27 кастрычніка ў 20:00 адбудзецца размова з рэжысёрам Ромасам Забараўскасам «Пачуцці па-за межамі». Гутарыць з Ромасам пра пачуцці на адлегласці і праблемы ЛГБТК-людзей у посткамуністычных краінах будзе ЛГБТ-актывіст Коля Анціпаў.
У 2017 годзе рух #metoo і асобныя гучныя выпадкі ў літоўскай кінаіндустрыі прымусілі ацаніць маштаб сэксуальных дамагальніцтваў і зрабіць захады для бяспекі творчага і працоўнага асяродка. Літоўскі кінацэнтр выступіў у абарону правоў жанчын і ў 2019 годзе запусціў праект, скіраваны на тое, каб кінаіндустрыя стала бяспечным месцам для ўсіх удзельнікаў.
Увечары, у 20:00, можна далучыцца да размовы куратаркі праграмы Шведскіх кароткаметражак Эшлі Сміт з кінакрытыкам Дар'яй Амяльковіч на тэму «Як змясціць вялікую гісторыю ў кароткім метры». Яны абмяркуюць сюжэты кароткіх стужак, у якіх закранаюцца самыя розныя праблемы – гвалту, цялеснасці, таксічных стасункаў ды іншыя.
29 кастрычніка ў 20:00 распачнецца гендарная дыскусія «Сіла звычкі: культура гвалту ў мастацтве і жыцці» разам з актывісткамі і прадстаўніцамі кінаіндустрыі Святланай Гатальскай, Аннай Сёрнер, Эллі Тайвоніемі, Дар'яй Жук і Воляй Чайкоўскай.
На вялікі жаль, Святлана Гатальская – эка- і фемактывістка, адна з каардынатарак ініцыятыўнай групы «Маршируй, детка!», чалец Каардынацыйнай рады – знаходзіцца за кратамі, атрымаўшы 15 сутак арышту пасля 4-х дапрацовак сваёй справы. Уся каманда кінафестывалю чакае яе вызвалення, калі Святлана зноў апынецца дома, у бяспецы, спадзяемся, і таксама далучыцца да дыскусіі.
Культура згвалтавання – гэта сацыяльны асяродак, які ва ўмовах гендарнай няроўнасці дазваляе нармалізаваць і апраўдаць сэксуальны гвалт. Падчас дыскусіі пройдзе абмеркаванне значэння культуры згвалтавання, а таксама размова пра стандарты і крытэрыі здымак на адчувальныя гендарныя тэмы ў часы руху #metoo.
Усе івэнты індустрыйнай платформы «Паўночнага ззяння-2020» адбудуцца online. Трансляцыі будуць праводзіцца ў сацыяльных сетках фестывалю. Усю праграму можна паглядзець тут, больш падрабязна пра кожнае мерапрыемства можна пачытаць тут.
Пры падтрымцы: Nordisk KulturFond (Данія), Nordic Council of Ministers (Данія) Арганізатары: кінакампанія Volia Films, Індывідуальны Прадпрымальнік Чайкоўская В.М. Суарганізатары: Амбасада Каралеўства Швецыя ў Беларусі, Амбасада Нарвегіі ў Кіеве, Дацкі Інстытут культуры ў Літве, Латві і Эстоніі, тэлеканал «Настоящее время», mediatech.by Генеральныя партнёры: Офіс Амбасады Фінляндыі ў Беларусі, Амбасада Эстоніі ў Беларусі, Пасольства Літвы ў Беларусі, Амбасада Латвіі ў Беларусі, Ісландскі цэнтр кіно, Фінскі фонд кіно, Эстонскі інстытут кіно, Нарвежскі інстытут кіно, Шведскі інстытут кіно, Дацкі інстытут кіно, Літоўскі цэнтр кіно, Нацыянальны кінацэнтр Латвіі, B2BDOC - Baltic to Black Sea Documentary Network. Партнёры: арт-суполка «Sinie Gory», рэнтал-хаўз FirstRental, DataHata.by, Майстэрня сацыяльнага кіно, Eclab.by, Eclab.by - European College of Liberal Arts in Belarus. Інфармацыйныя партнёры: BYCARD, CityDog, 34mag.net, AfishaTUT.by, TheVillage, Kyky.org